ВЫСО́КІЯ ПЛАТО́,

міжгорныя плато і раўніны ў сістэме Атласа, у Алжыры і Марока. Выш. ад 700 м на У да 1200 м на З. Герцынская складкавая аснова высокіх плато перакрыта чахлом асадкавых мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На паверхні шмат катлавін з салёнымі азёрамі (шотамі), да якіх накіраваны даліны уэдаў. Клімат субтрапічны паўпустынны. Ападкаў 200—400 мм за год. Расліннасць — разрэджаныя хмызнякі і дзярнінныя злакі (у т. л. альфа) на шэра-карычневых глебах; вакол шотаў — галафіты і палын. Жывёлагадоўля. Арашальнае земляробства.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)